Skip to main content

Беларусь: рэпрэсіі ва ўмовах усё большага інфармацыйнага вакууму

Палітычна матываваныя рэпрэсіі; пераслед крытыкаў ў выгнанні

Актывісты збіраюцца на Рынкавай плошчы ў Кракаве (Польшча) на акцыі пратэсту «Свабоду палітвязням Беларусі» ў нядзелю, 21 траўня 2023 г. © 2023 Artur Widak via Getty Images

(г. Вільнюс, 11 студзеня 2024 г.) — На працягу 2023 года беларускія ўлады праводзілі шырокамаштабныя і сістэматычныя рэпрэсіі, накіраваныя супраць іншадумства і распаўсюджвання інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека, заявіла сёння арганізацыя Human Rights Watch (HRW) у сваёй Сусветнай справаздачы 2024 г.

Беларускія ўлады пераследавалі праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў, апазіцыйных палітыкаў, дзеячаў культуры, прафсаюзных актывістаў, актывістаў і іншых людзей, якіх лічылі нязгоднымі з афіцыйным парадкам. Па дадзеных вядучай беларускай праваабарончай групы «Вясна», на пачатак лістапада за кратамі па палітычна матываваных абвінавачваннях знаходзіліся сама меней 1462 чалавекі.

«За апошні год беларускія ўлады падвоілі намаганні, каб стварыць інфармацыйны вакуум вакол бушуючых рэпрэсій, адрэзаўшы палітвязняў ад знешняга свету і запалохваючы іх адвакатаў і сваякоў, прымушаючы іх маўчаць», — кажа Анастасія Круапэ, малодшы даследчык Human Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — Шырокамаштабныя рэпрэсіі працягваюцца ва ўмовах усё большага інфармацыйнага вакууму».

У сваёй 740-старонкавай «Сусветнай справаздачы 2024 г.», 34-й па ліку, Human Rights Watch аналізуе сітуацыю з правамі чалавека больш, чым у 100 краінах. У сваім уступным эсэ выканаўчы дырэктар Human Rights Watch Тырана Хасан піша аб тым, што 2023 год стаў яшчэ адным годам не толькі падаўлення правоў чалавека і зверстваў ваеннага часу, але і выбіральнага выказвання абурэння ўрадамі краін і дыпламатыі здзелак, якая прывяла да сур'ёзных выдаткаў правоў тых, хто не ўдзельнічаў у заключэнні гэтых здзелак. Але, паводле яе слоў, ёсць і прыкметы надзеі, якія сведчаць аб магчымасці пайсці іншым шляхам, і яна заклікае ўрады краін паслядоўна выконваць свае абавязкі ў галіне правоў чалавека.

Беларускія ўлады ўсё часцей утрымлівалі палітвязняў пад вартай без сувязі са знешнім светам (інкамунікада) і падвяргалі іх катаванням, ізаляцыі ў карцэрах (ШІЗА) і іншым формам жорсткага абыходжання. З лютага ўлады не дазваляюць Марыі Калеснікавай, Сяргею Ціханоўскаму, Віктару Бабарыку, Мікалаю Статкевічу і іншым вядомым палітвязням камунікаваць са сваімі адвакатамі і сваякамі. Яшчэ дзясяткі іншых палітвязняў сутыкаліся з жорсткімі абмежаваннямі ў камунікацыях з навакольным светам. За мінулы год сама меней два палітвязні памерлі ў папраўчых калоніях з-за неаказання ім медычнай дапамогі.

Праваабарончая дзейнасць у Беларусі працягнула лічыцца дэ-факта па-за законам, і ніводная праваабарончая група не змагла афіцыйна зарэгістравацца ў краіне. У чэрвені Мінскі гарадскі суд падчас закрытага судовага працэсу прысудзіў вядомай праваабаронцы Насце Лойка сем гадоў пазбаўлення волі ў помсту за яе праваабарончую дзейнасць.

За апошні год беларускія ўлады зрабілі некалькі сур'ёзных крокаў, пераследуючы беларусаў у выгнанні ў помсту за іх актыўную дзейнасць і спрабуючы іх дыскрэдытаваць. У ліпені набылі моц заканадаўчыя папраўкі ў Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», якія дазваляюць уладам пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, нават не маючых іншага грамадзянства, у выпадку прызнання іх вінаватымі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкай арганізацыі» або ў «нанясенні цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі». Згодна з беларускім заканадаўствам, беларусаў у выгнанні могуць судзіць завочна без якіх-небудзь гарантый справядлівага судовага разбору.

У верасні Беларусь адмяніла паўнамоцтвы консульстваў і дыпламатычных прадстаўніцтваў краіны па выдачы, замене або прадаўжэнні тэрмінаў дзеяння пашпартоў або пасведчанняў асобы беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Гэта падвяргала беларусаў у выгнанні рызыцы безграмадзянства і вымушала некаторых з іх вяртацца ў Беларусь, дзе іх адвольна арыштоўвалі і пераследвалі па палітычна матываваных абвінавачаннях.

Улады выкарыстоўвалі розныя сфабрыкаваныя абвінавачанні для пераследу меркаваных крытыкаў рэжыму. Такія абвінавачванні ўключалі «абразу» кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў беларускіх органаў улады, «зневажанне» дзяржаўных сімвалаў, а таксама «экстрэмізм» і «тэрарызм».

Праз тры гады пасля жнівеньскіх пратэстаў 2020 года, якія рушылі за фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, улады не змаглі эфектыўна расследаваць тысячы індывідуальных скаргаў на масавыя адвольныя затрыманні, прымяненне празмернай сілы, катаванні і іншыя выпадкі жорсткага абыходжання з пратэстоўцамі. У лютым Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) паведаміла аб сістэматычных, шырокамаштабных і грубых парушэннях правоў чалавека, якія здзяйсняюцца беларускімі ўладамі пасля выбараў 2020 года, і прыйшло да высновы, што некаторыя з іх могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці.

Улады працягнулі пераслед у сувязі з мірнымі пратэстамі 2020 года, а таксама тых, хто ганьбаваў вайну Расіі супраць Украіны і ролю Беларусі ў гэтым узброеным канфлікце.

Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, дзе адбываецца смяротнае пакаранне. У сакавіку набылі моц новыя папраўкі ў крымінальнае заканадаўства, якія ўводзяць смяротнае пакаранне за «здраду дзяржаве», здзейсненую службовай асобай або вайскоўцам. У апошні раз улады прывялі ў выкананне смяротнае пакаранне у ліпені 2022 года, а апошні раз вынеслі смяротны прысуд у кастрычніку 2023 года.

Гуманітарны крызіс на межах Еўразвяза и Беларусі працягнуўся. За мінулы год шмат мігрантаў, якія спрабавалі перасекчы мяжу Еўразвяза, у тым ліку дзеці, неаднаразова сутыкаліся з выцісканнем са сваёй тэрыторыі польскімі, літоўскімі і латвійскімі ўладамі, і блакаваліся на беларускім баку дзяржаўнай мяжы, сутыкаючыся з рызыкай смерці і злоўжыванняў з боку беларускіх прадстаўнікоў уладаў, якія неаднаразова змушалі іх зноў і зноў спрабаваць перасекчы мяжу.

Your tax deductible gift can help stop human rights violations and save lives around the world.