Skip to main content

Беларусь

падзеі 2023 года

Актывісты збіраюцца на Рынкавай плошчы ў Кракаве (Польшча) на акцыі пратэсту «Свабоду палітвязням Беларусі» ў нядзелю, 21 траўня 2023 г.

© 2023 Artur Widak via Getty Images

У 2023 годзе ў Беларусі працягваліся шырокамаштабныя рэпрэсіі, скіраваныя супраць крытыкаў уладаў. На момант падрыхтоўкі гэтага агляду амаль 1500 чалавек заставаліся за кратамі паводле палітычна матываваных абвінавачанняў, у тым ліку праваабаронцы, журналісты, адвакаты, апазіцыйныя палітыкі, дзеячы культуры, прафсаюзныя дзеячы і актывісты. Улады ўсё часцей падвяргалі палітвязняў утрыманню пад вартай без сувязі са знешнім светам (інкамунікада), катаванням і іншым формам жорсткага абыходжання.

Беларусь працягнула дазваляць расейскім войскам выкарыстоўваць тэрыторыю краіны падчас поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

У лютым Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) паведаміла аб сістэматычных, шырокамаштабных і грубых парушэннях правоў чалавека, якія здзяйсняюцца ў Беларусі, і прыйшло да высновы, што некаторыя з іх могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці.

Гуманітарны крызіс на межах Еўразвяза працягнуўся. На працягу апошняга года мігранты, у тым ліку дзеці, працягвалі заставацца заблакаванымі на беларускім баку мяжы і сутыкаліся з жорсткім абыходжаннем з боку прадстаўнікоў беларускіх уладаў і з рызыкай смерці.

Арышт і ўтрыманне пад вартай меркаваных апанентаў

Па дадзеных вядучай беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» у перыяд з кастрычніка 2022 года па верасень 2023 года больш за 400 чалавек былі асуджаныя па палітычна матываваных крымінальных абвінавачаннях і яшчэ 3300 чалавек — па палітычна матываваных адміністрацыйных абвінавачаннях. На момант падрыхтоўкі гэтага агляду «Вясна» паведамляла пра 1 462 палітвязня.

Дзеля пераследу сваіх крытыкаў улады выкарыстоўвалі розныя сфабрыкаваныя абвінавачанні, у тым ліку абвінавачванні ў «паклёпе» за абразу Аляксандра Лукашэнкі, беларускіх афіцыйных або дзяржаўных сімвалаў, за «распальванне варожасці» ў дачыненні да «сацыяльнай групы супрацоўнікаў праваахоўных органаў» або за «гвалт альбо пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў». Улады таксама шырока выкарыстоўвалі абвінавачанні ў «экстрэмізме» і «тэрарызме» ў дачыненні да крытыкаў уладаў за такія дзеянні, як крытычныя каментары ў сацыяльных сетках, падпіска на «экстрэмісцкія» Telegram-каналы, або за наяўнасць бел-чырвона-белай татуіроўкі на целе.

Беларускія ўлады працягвалі затрымліваць і пераследваць людзей у сувязі з мірнымі пратэстамі ў 2020 годзе, у тым ліку тых, хто вяртаўся ў Беларусь з-за мяжы. Працоўныя дзяржаўных прадпрыемстваў сутыкаліся з масавымі звальненнямі ў сувязі з іх нібыта ўдзелам у пратэстах.

У 2023 годзе ўлады падвяргалі сваякоў палітвязняў адвольным вобыскам, затрыманням, допытам і іншым формам пераследу. У студзені суд у Брэсце прыгаварыў Дар'ю Лосік да двух гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за інтэрв'ю, якое яна дала пра свайго зняволенага мужа — папулярнага блогера і журналіста Ігара Лосіка — незалежнаму тэлеканалу «Белсат», які беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкім. Пасля вынясення прысуду 4-гадовая дачка Лосікаў засталася пад апекай бабулі і дзядулі.

У лютым 2023 года суд у Жодзіне прысудзіў былому патэнцыйнаму кандыдату ў прэзідэнты Сяргею Ціханоўскаму дадатковых 1,5 гады пазбаўлення волі за нібыта «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». На той момант Ціханоўскі ўжо адбываў свой тэрмін: 18 гадоў пазбаўлення волі за «арганізацыю масавых пратэстаў».

У ліпені Мінскі абласны суд прысудзіў Эдуарду Бабарыку, сыну былога патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і сябру яго перадвыбарчага штаба, восем гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы яго вінаватым ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў», у «распальванні варожасці» і ў «хаўрусніцтве ў арганізацыі групавых дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак».

У перыяд з ліпеня па кастрычнік беларускія ўлады адмовілі ў рэгістрацыі ўсім апазіцыйным палітычным партыям, зарэгістраваўшы толькі чатыры праўладныя партыі.

Рэпрэсіі супраць праваабаронцаў і адвакатаў

У сакавіку суд Ленінскага раёна горада Мінска прыгаварыў да пазбаўлення волі трох праваабаронцаў з праваабарончай арганізацыі «Вясна», якая асабліва моцна пацярпела ад уладаў, у помсту за іх працу. Алесь Бяляцкі, кіраўнік гэтай групы праваабаронцаў і салаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, Валянцін Стэфановіч, намеснік Алеся Бяляцкага, і Уладзімір Лабковіч, адзін з адвакатаў гэтай праваабарончай групы, былі прыгавораныя адпаведна да дзесяці, дзевяці і сямі гадоў пазбаўлення волі. Сябра Рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Зміцер Салаўёў асуджаны на 8 гадоў калоніі завочна.

 

Два іншых сябры «Вясны» — Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк — засталіся за кратамі, адбываючы тэрміны 15 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Старшыня гомельскай суполкі «Вясны» Леанід Судаленка выйшаў на волю ў ліпені, цалкам адбыўшы свой трохгадовы тэрмін.

 

Улады ўсё часцей называлі праваабарончыя арганізацыі «экстрэмісцкімі». У сакавіку «экстрэмісцкай» была прызнана Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) — вядучая праваабарончая арганізацыя, якая займаецца абаронай свабоды выказвання меркаванняў і правоў журналістаў, — а таксама некаторыя з яе супрацоўнікаў. У жніўні «Вясна» была прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем».

 

У чэрвені Мінскі гарадскі суд прыгаварыў вядомую праваабаронцу Насту Лойку да сямі гадоў пазбаўлення волі за «распальванне варожасці» ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў у сувязі з яе справаздачай аб парушэннях правоў чалавека праваахоўнымі органамі. Лойка адбыла шэсць адвольных адміністрацыйных арыштаў, перш чым ёй былі прад'яўлены крымінальныя абвінавачанні. Падчас кароткатэрміновых арыштаў, а потым у папярэднім зняволенні ўлады катавалі яе і падвяргалі іншым формам бесчалавечнага абыходжання, прымушалі яе здымацца ў відэа з «прызнаннямі», ачарнялі яе ў паклёпніцкіх кампаніях, праводзілі ператрус у доме яе маці і пазбаўлялі яе адвакатаў ліцэнзій.

 

З кастрычніка 2022 года па кастрычнік 2023 года ўлады прыцягнулі да крымінальнай адказнасці па палітычна матываваных абвінавачаннях сама меней 24 сябры незалежных прафсаюзаў.

 

Улады працягвалі пераследаваць адвакатаў-праваабаронцаў у помсту за тое, што яны прадстаўлялі інтарэсы кліентаў у палітычна матываваных справах і выказвалі сваё меркаванне па пытаннях вяршэнства закону. Са жніўня 2020 года больш за 100 адвакатаў пазбавіліся ліцэнзій у выніку адвольных рашэнняў Міністэрства юстыцыі або ў рамках палітычна матываваных працэдур пазбаўлення статусу адваката. На момант падрыхтоўкі гэтага агляду шэсць адвакатаў заставаліся за кратамі па палітычна матываваных абвінавачаннях, такім як «заклік да санкцый», «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «распальванне варожасці».

 

Рэпрэсіі супраць журналістаў і пераследы студэнтаў

Паводле звестак БАЖ, з кастрычніка 2022 года па сярэдзіну верасня 2023 года па крымінальных абвінавачаннях былі затрыманыя сама меней 7 супрацоўнікаў СМІ, яшчэ 20 трапілі пад адміністрацыйны арышт. На момант падрыхтоўкі гэтага агляду сама меней 34 супрацоўнікі СМІ заставаліся ў месцах пазбаўлення волі па палітычна матываваных абвінавачаннях — ад «дыскрэдытацыі Беларусі» да «стварэння экстрэмісцкага фарміравання». Дзесяткі людзей сутыкнуліся з аблавамі органаў унутраных спраў.

Улады называюць незалежныя СМІ і каналы ў сацыяльных сетках «экстрэмісцкімі». Улады характарызуюць любую форму інфармацыйнага ўзаемадзеяння з імі як «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і заяўляюць, што падпіска на іх і распаўсюджванне іх кантэнту ўяўляюць сабой «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Улады рэгулярна пераследуюць тых, хто ганьбаваў вайну Расіі супраць Украіны і ролю Беларусі ў ёй, у тым ліку публічна або выказваючы сваю нязгоду па-іншаму.

Таксама пагоршылася сітуацыя са свабодай меркаванняў і іх свабодным выказваннем у школах. Дзеці, якія выказваюць іншадумства, сутыкаюцца з абразамі і пагрозамі адлічэння, а іх бацькам пагражае страта працы ці пазбаўленне бацькоўскіх правоў.

Катаванні і жорсткае абыходжанне з палітвязнямі

На працягу ўсяго 2023 года палітвязняў працягвалі катаваць і падвяргаць жорсткаму абыходжанню падчас кароткатэрміновых арыштаў і ўтрымання за кратамі, у тым ліку ў следчых ізалятарах і ў папраўчых калоніях.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў рэгулярна падвяргалі затрыманых па палітычна матываваных справах практыцы «пакаяльнае відэа», якая прыніжае чалавечаю годнасць, прымушаючы іх прызнавацца ў сваіх «злачынствах» на відэакамеру.

З лютага 2022 года беларускія ўлады працяглы час утрымліваюць пад вартай без сувязі з навакольным светам (інкамунікада) дзясяткі апазіцыйных палітыкаў, праваабаронцаў, адвакатаў, журналістаў і іншых палітвязняў. Доўгае ўтрыманне пад вартай без сувязі з навакольным светам з'яўляецца формай бесчалавечнага абыходжання, якая можа быць кваліфікавана як катаванне або гвалтоўнае знікненне.

Палітвязням пагражае збіццё і адвольнае змяшчэнне ў штрафныя ізалятары за меркаваныя парушэнні правілаў пенітэнцыярных устаноў, што затым выкарыстоўваецца ў якасці падставы для ўзмацнення жорсткасці рэжыму ўтрымання пад вартай. Палітвязням усё часцей прад'яўляюцца новыя крымінальныя абвінавачанні, у тым ліку за парушэнне правілаў унутранага распарадку, што прыводзіць да працяглых і змяняючых адзін аднаго тэрмінаў пазбаўлення волі.

Адсутнасць медыцынскай дапамогі ў пенітэнцыярных установах прывяла да сур'ёзных праблем са здароўем у некаторых зняволеных, у тым ліку ў ключавой фігуры апазіцыі Марыі Калеснікавай і ў апазіцыйнага патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, якія былі шпіталізаваны ва ўстановы аховы здароўя для правядзення пазапланавых хірургічных умяшанняў пасля таго, як ім было адмоўлена ў аказанні належнай дапамогі ў месцах зняволення. У 2023 годзе сама меней два палітвязні памерлі ў месцах пазбаўлення волі з-за неаказання ім медыцынскай дапамогі.

Палітычна матываваныя рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў у выгнанні

З верасня 2022 года беларускія ўлады распачалі сама меней 31 крымінальную справу ў межах «спецыяльных працэдур», у тым ліку ў дачыненні да апазіцыйных палітыкаў, праваабаронцаў і актывістаў. Так званая спецыяльная працэдура прадугледжвае, што судовыя разборы праходзяць без прысутнасці падсудных, абвінавачаных у злачынствах, прадугледжаных 43 рознымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса.

У ліпені набылі моц папраўкі ў Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 2002 года, якія дазваляюць прэзідэнту пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, у тым ліку завочна асуджаных, у выпадку прызнання іх вінаватымі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкай арганізацыі» або ў «нанясенні цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі».

У верасні Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб адмене паўнамоцтваў консульстваў і дыпламатычных прадстаўніцтваў краіны па выдачы, замене або прадаўжэнні тэрмінаў дзеяння пашпартоў або пасведчанняў асобы беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, зрабіўшы абавязковым іх прыезд у Беларусь. Гэта падвяргае людзей рызыцы палітычна матываванага пераследу па вяртанні і ўшчамляе іх асноўныя правы чалавека за мяжой.

Смяротнае пакаранне

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, дзе адбываецца смяротнае пакаранне.

У лютым каардынатары кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» паведамілі, што Віктар Скрундзік, асуджаны да смяротнага пакарання за забойства і замах на забойства, быў пакараны смерцю 16 ліпеня 2022 года.

У сакавіку ўступілі ў сілу папраўкі, унесеныя ў Крымінальны кодэкс, якія пашыраюць прымяненне смяротнага пакарання за «здраду дзяржаве», учыненую службовай асобай або ваеннаслужачым.

У кастрычніку Мінскі абласны суд прысудзіў смяротнае пакаранне Аляксандру Таратуце, асуджанаму за забойства.

Ключавыя міжнародныя актары

У 2023 годзе Еўразвяз, Канада, ЗША і Вялікая Брытанія працягнулі і ўвялі новыя санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку супраць фізічных і юрыдычных асоб, у адказ на замахі на правы чалавека і за дачыненне да ўварвання Расіі ва Украіну.

У лютым УВКПЧ апублікавала справаздачу аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх у адпаведнасці са сваім мандатам па вывучэнні становішча ў галіне правоў чалавека ў краіне, задакументаваўшы сістэматычныя, шырока распаўсюджаныя і грубыя парушэнні правоў чалавека, некаторыя з якіх, паводле гэтай справаздачы, могуць быць прыраўнаваны да злачынстваў супраць чалавечнасці. У красавіку Рада ААН па правах чалавека працягнула гэты мандат яшчэ на год. У траўні Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі апублікаваў сваю штогадовую справаздачу, у якой задакументавана пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека; у ліпені Рада па правах чалавека працягнула мандат гэтага спецдакладчыка. Таксама ў траўні Спецыяльны дакладчык па пытанні аб правах чалавека мігрантаў апублікаваў справаздачу аб сваім візіце ў Беларусь з 16 па 20 ліпеня 2022 г., каб ацаніць сітуацыю з правамі чалавека мігрантаў, якія знаходзіліся на дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Польшчай, і ў гэтай справаздачы ён асудзіў выкарыстанне мігрантаў у якасці палітычнага інструмента, а таксама гібель мігрантаў з-за выправаджэння.

У сакавіку 38 дзяржаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) ужылі Венскі механізм чалавечага вымярэння, падкрэсліўшы, што расце колькасць асоб, затрыманых па палітычна матываваных прычынах. У траўні Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека прадставіла экспертную справаздачу, у якой задакументаваны масавыя парушэнні, дапушчаныя ў Беларусі з 5 лістапада 2020 года.

У чэрвені Міжнародная арганізацыя працы прыняла рэзалюцыю, у якой адзначыла невыкананне Беларуссю Запыту 2004 года і звярнулася да дзяржаў-чальцаў з запытам перагледзець любое супрацоўніцтва з Беларуссю ў адказ на невыкананне правоў прафсаюзаў у краіне.

У ліпені Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла дэкларацыю і рэзалюцыю ў падтрымку прадэмакратычных галасоў у Беларусі, заклікаўшы беларускія ўлады вызваліць палітвязняў, а краіны АБСЕ — падтрымаць палітвязняў.

У ліпені праваабарончаму цэнтру «Вясна» была прысуджана прэмія ААН у галіне правоў чалавека за 2023 год.

У верасні грамадзянін Беларусі паўстаў перад судом у швейцарскім горадзе Санкт-Галене ў адпаведнасці з прававым прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі за ўдзел у гвалтоўных знікненнях трох асноўных палітычных апанентаў рэжыму ў 1999 годзе.